Грушка
Беларуская народная гульня
Дзеці бяруцца за рукі, утвараючы круг, усярэдзіне якога становіцца хлопчык або дзяўчынка. Гэта і будзе грушка. Дзеці ходзяць у карагодзе вакол грушкі, спяваюць песню, называючы імя таго, хто стаіць усярэдзіне круга:
― Мы пасадзім грушку
Усе, усе.
Няхай наша грушка
Расце, расце.
Вырасці ты, грушка,
Вось такой вышыні.
Распусціся, грушка,
Вось такой шырыні!
Расці, расці, грушка,
Ды ў добры час.
Патанцуй, Марылька,
Паскачы для нас.
А ўжо наша грушка
Распусцілася,
А наша Марылька
Зажурылася.
А мы тую грушку
Ўсе шчыпаць будзем.
Ад нашай Марылькі
Уцякаць будзем.
Грушка ўсярэдзіне круга павінна рабіць усё, аб чым спяваецца ў песні, ― танцаваць, кружыцца. Пры словах песні “вось такой вышыні”, “вось такой шырыні” дзеці ўзнімаюць рукі ўгору, разводзяць іх у бакі. Калі спяваюць “а мы тую грушку шчыпаць будзем”, усе набліжаюцца да грушкі, каб ушчыпнуць, і хуценька ўцякаюць, а грушка ловіць каго-небудзь з дзяцей, ставіць яго на сваё месца ўсярэдзіне круга, і гульня паўтараецца.
Гусі ляцяць
Беларуская народная гульня
Калі маленькія дзеці застаюцца дома з падлеткамі, іх забаўляюць такой гульнёй: усе ставяць указальныя пальцы на стол, у адно месца. Тады старэйшы кажа:
― Гусі ляцяць! ― і паднімае руку ўгору, паказваючы, як гусі ляцяць.
Дзеці адказваюць: “Ляцяць!” ― і таксама паднімаюць рукі.
― Качкі ляцяць!
― Ляцяць!
― Вераб’і ляцяць!
― Ляцяць!
― Мухі ляцяць!
― Ляцяць!
― Шчупакі ляцяць!
Захапіўшыся, дзеці часта адказваюць:
― Ляцяць! ― і паднімаюць рукі.
Старэйшы б’е іх па руках і крычыць:
― Не ляцяць, не ляцяць!
Потым ізноў спачатку:
― Гусі ляцяць! Вароны ляцяць! Сарокі ляцяць! Каровы ляцяць!
Але навучаныя дзеці ўжо не паднімаюць рук на словы “каровы ляцяць” і маўчаць. Тады старэйшы зноў кажа:
― Гусі ляцяць! Лебедзі ляцяць! Салаўі ляцяць! Дубы ляцяць! - і г. д.
Гэты своеасаблівы ўрок прыродазнаўства сканчаецца тады, калі ўвага дзяцей паслабляецца і яны абы-калі пачынаюць уздымаць рукі.
Гульня "Арэлі"
(Дзеці стаяць у крузе, трымаюцца за рукі і махаюць руками наперад-назад)
Гой-да, гой-да, на арэлі селі,
Гойда, гой-да, песеньку запелі.
Вось так, вось так - хутка разгайдаліся, (Тупаюць ножкамі і паскараюцца з кожным разам)
Вось так, вось так - весела смяяліся! (Падаюць і рагочуць!)
Трэба ведаць кожнаму правілы дарожныя
Паводле сайту www.veselka.by