Кожнае дзіця ў момант свайго нараджэння
валодае больш высокім разумовым патэнцыялам,
чым той, які яно калі-небудзь прадэманструе.
Леанарда да Вінчы
Як часта мы выпадкова чуем: "Дзеці зараз такія пайшлі: усё ведаюць, кампутары гэтыя,чорт галаву зломіць,а яны разумеюць што-куды, як магнітафон, тэлевізар пультам уключыць - з пялюшак, не дзіўна, што чытаць пачынаюць у тры гады, з цацкамі не гуляюць - давай пыласос, прас, пральную машыну, а чым яны цікавяцца..."
З якой бы інтанацыяй не абвяшчалася падобнае, нотка зачаравання і здзіўлення гучыць заўсёды. Хто ж яны, гэтыя дзеці, адкуль?
Азірніцеся - яны навокал. Усё часцей бацькі вядуць сваіх дзяцей у прыватныя дзіцячыя садкі, дзе не толькі дагляд, але і развіваючыя гульні па Мантэссоры, заняткі па харэаграфіі, замежным мовам, усё часцей у звычайных дзіцячых садках прапануюць бацькам тое ж самае за пэўную плату, будуюць басейны. Калі бацькі запрашаюць няньку, яна павінна мець не толькі вопыт, але і павольна размаўляць па-англійску, іграць на тым ці іншым музычным інструменце і г.д.
Каб вашае дзіця прынялі ў школу, яно павінна прайсці гутарку (па сутнасці - экзамен на IQ). Выбар вучэбных устаноў вельмі разнастайны: сярэдняя школа, гімназія, ліцэй, каледж... Амбіцыі ва ўсіх (як і прыбытак) розныя, але ж хто з бацькоў хоча благога свайму дзіцяці? Сёння (калі Вашаму дзіцяці яшчэ няма шасці гадоў) Вы ствараеце Яго будучыню. Усё, што будзе потым, пасля шасці, - толькі вынік гэтае працы.
І ў Еўропе, і ў Амерыцы, і ў Японіі - па адзін і другі бок свету - абмяркоўваюць неверагодныя здольнасці немаўлят, вырошчваюць геніяў, спрачаюцца: ці патрэбны грамадству дзеці, больш здольныя ва ўсім за дарослых.
Чаго баяцца "дарослыя" - мы з Вамі?
Складана жыць не забароніш?
У наш час ёсць шмат спосабаў пры дапамозе спецыялізаваных устаноў духоўна, інтэлектуальна і фізічна развіць дзіця. Але ж ніхто (ні адзін славуты педагог, ніводная добразычлівая нянька) не заменіць маму і тату. Толькі бацькі сваёй любоўю здольны перамагчы ўсе цяжкасці і зрабіць сваё жыццё і жыццё свайго дзіцяці гарманічным.
Я прапаную Вам сумесную творчасць з Вашым дзіцём.
Што такое "ранняе развіцце дзіцяці"?
Самыя апошнія даследаванні чалавека паказалі, што мозг расце і структурна фарміруецца толькі да шасці гадоў (працы Глена Домана). Гэта значыць, мысленне чалавека, густ, інтарэсы, светапогляд, характар, кругагляд, разуменне добрага і злога пасля шасці гадоў змяніць немагчыма.
Калі дзіця да года не пеставалі, не любілі, яно ніколі ўжо не навучыцца кахаць.
Першыя шэсць гадоў - найважнейшы перыяд у развіцці чалавека, гэта пабудова падмурку ўсяго наступнага жыцця. І Глен Доман (амер.), і Сесіль Лупан (франц.), і Марыя Мантэсоры (італ.), і Масару Ібука (япон.), і В.П.Цюленеў, і М.А.Зайцау (рус.) і іншыя вучоныя пішуць, што за гэты перыяд можна альбо дапамагчы дзіцяці зрабіцца геніям, альбо на ўсе жыццё пакінуць яго недалёкім чалавекам.
Марыя Мантэсоры працавала ў Італіі напрыканцы XIX стагоддзя з разумова адсталымі дзецьмі, якія ў выніку заняткаў па яе методыцы інтэлектуальна пераўзыходзілі сваіх здаровых раўналеткаў.
Глен Доман у 1940-х гг. у Амерыцы пачаў распрацоўваць тэму нормы ў дачыненні да развіцця дзяцей, напісаў шмат кніг пра дзіцячыя здольнасці,адкрыў Інстытут развіцця чалавечага патэнцыялу Эвана Томаса, Міжнародную школу для бацькоў і дзяцей пры інстытуце. Глен Доман сцвярджае, што толькі маці (кожная маці) здольная вырасціць Нобелеўскага лаўрэата.
Павел Цюленеў зараз працуе ў Маскве над адкрыццём дзіцячых садкоў і школ для развітых у маленстве дзяцей,бо сам мае дачку, якая пачала чытаць у паўтара гады, да школы самастойна па вечарах займалася па школьных падручніках алгебрай і да 6 год адолела падручнік нават за сёмы клас.
Дзіця можа ў шэсць гадоў стаць дасканалым.
Сучаснае і будучае
"А што потым у школе ён будзе рабіць?" - крычала мне ў слухаўку сталага веку кабета.
"Ён чытае з трох гадоў, а зараз у школе не хоча анічога чытаць, сумуе, не любіць хадзіць у школу" - распавядае мне адна маці.
Ці вінаватае разумнае дзіця ў адсталасці нашага грамадства і недарэчнасці сістэмы адукацыі?
Ці вінаватыя настаўнікі ў тым, што яны не падрыхтаваныя для супрацоўніцтва з такімі дзецьмі?
Настаўнік прыходзіць да вучня, калі той становіцца здольным вучыцца ў яго. Гэтая ўсходняя мудрасць адрасавана і бацькам. А немаўлятка заўсёды гатовы! Давайце рыхтавацца і мы.
Калі пачынаць ранняе развіццё?
Цуд прагнуць, цуду баяцца, цуд не бачаць...
Ул. Леві
Пачынаць трэба з таго моманту, калі вы вырашылі, што вам неабходна дзіця. Лепей за ўсё, калі ў момант зачацця абодва мараць пра стварэнне трэцяга. Для дарослага - гэта ўнікальная магчымасць адрадзіцца разам з дзіцём.
Неабходна памятаць, што першыя шэсць гадоў - гэта адзіны непаўторны незваротны перыяд у жыцці кожнага чалавека. У гэты час ствараюцца вытокі ўсіх жыццёвых памылак ці поспехаў, змарнаванняў ці будучых адкрыццяў, комплексаў ці свабоды.
Але пачынаць ніколі не позна. Лепш позна, чым ніколі.
З чаго пачынаць?
Дайце магчымасць свайму дзіцяці дзейнічаць самастойна. Немаўлятка не трэба спавіваць, бо асноўнай крыніцай інфармацыі для яго з'яўляюцца тактыльныя адчуванні і рух. Дазваляйце яму поўзаць усюды, але ж паверхня павінна быць цвёрдай, не слізгаць і не збірацца пад целам дзіцяці ў непераадольныя горы.
Калі ён заняты чым-небудзь, ніколі не адцягвайце яго ўвагу, і вам не прыйдзецца ў будучыні выдумляць, чым яго заняць, каб ён вам не перашкаджаў.
Любое заданне, якое вы даручаеце дзіцяці, павінна быць цікавым для яго, складаным, але пасільным. Неабходна загарантаваць поспех, і ў будучым ваш малы стане ўпэўненым чалавекам.
Паведамляйце дзецям канкрэтныя відавочныя факты, а не правілы і законы.
Дзіця не навучыцца гаварыць, калі вы будзеце чытаць лекцыі пра часціны мовы і структуру сказаў, не навучыцца лічыць, калі вы распачнеце з камплексных і ірацыянальных лікаў і матэматычнага аналізу.
Дайце дзіцяці матэрыял для творчасці. Пачніце з паперы (белай, каляровай, рознага фармату і формы, ад цукеркавых абгортак да шматкоў шпалераў), каляровага кардону, алоўкаў, фарбаў, фламастэраў, перайдзіце да скотчу, клею, пластыліну, цеста (мука і вада змешваюцца ў густое цеста, з якога майструецца відавочнае-неверагоднае і пячэцца ў духоўцы).
Павесьце на сцяну дзіцячага пакою карту свету, пастаўце на паліцу глобус і вандруйце разам. Даведвайцеся пра тое, якія жывёлы, расліны можна сустрэць у розных краінах, якія слынныя пісьменнікі, паэты, мастакі, архітэктары, вандроўнікі, філосафы і жылі там, у што апранаюцца тубыльцы, які клімат, які сцяг і герб, на якіх машынах ездзяць...
Вядзіце каляндар надвор'я. На аркушы фармату А-4 намалюйце табліцу: квадраты па колькасці дзён у месяцы, адзначце ў іх даты, і кожны дзень малюйце ці сонейка, ці воблака, ці снег, ці дождж. Можна пазначаць тэмпературу паветра і іншыя прыродныя асаблівасці.
Вывучайце разам замежныя мовы. Вам не будзе сорамна за свае веды, а дзіцяці з маленства вы адкрыеце ўвесь свет. Слухайце аўдыёазапісы, глядзіце мультфільмы без перакладу, чытайце казкі ў арыгінале.
Пачніце сёння!